• Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
  • +375 (29) 823 97 34
  • +375 (29) 229 69 66
  • 8 (016 42) 3-53-71

Достопримечательности Кобрина

Зямля нашых продкаў

Паводле археалагічных звестак, у межах раёна налічваецца больш за 20 населеных пунктаў,

каля якіх размяшчаліся старажытныя стаянкі. Археалагічныя пошукі ўпершыню былі праведзены ў 1889 г.

паводле распараджэння галоўнага кіраўніцтва паветаў па Гродзенскай губерні.

Мясцовымі жыхарамі і вучонымі была сабрана значная калекцыя прылад працы, прадметаў побыту,

зброі і іншых рэчаў першабытнага чалавека. 

Першыя людзі ў гэтых мясцінах з'явіліся прыкладна

14 тысячагоддзяў таму, у канцы старажытнага каменнага веку

(верхняга палеаліту). Менавіта перад гэтым магутны ледавік,

што займаў поўнач Беларусі, адышоў да Скандынавіі,

пачалося пацяпленне клімату. Тагачасныя плямёны ішлі

з паўднёвага захаду і захаду, рухаючыся па далінах буйных рэк.

Да пачатку сярэдняга каменнага веку

(мезаліту, 9–5-е тысячагоддзі да н.э.)

яны ўжо добра асвоілі землі ўсяго заходняга Палесся і Панямоння.

Паступова старажытныя плямёны набылі спецыфічныя,

характэрныя толькі для іх, рысы, якія праяўляліся ў формах

вырабу прылад працы і зброі, канструкцыі жытла і г. д.

Археалагічньм знаходкі, выяўленыя археолагам А.В.Іовам

на Кобрыншчыне ў 1998-2000 гг.

Уверсе — прылады працы неалітычнага чалавека (4-е тысячагоддзе да н.э.); у сярэдзіне — баявая каменная

сякера «шнуравікоў» (пачатак 2-га тысячагоддзя да н.э.) і фрагмент глінянага гаршка (X ст.);

унізе — дзіцячая цацка з волава з  яўрэйскімі лічбамі (XVI ст., знойдзена ў час земляных работ на плошчы Свабоды ў Кобрыне). 

 

Такія комплексы вучоныя называюць археалагічнымі культурамі.

       У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб т.зв. свідэрскай культуры,

 якая ў 10–7-м тысячагоддзях да н.э. займала сучасную Мазовію (Польшча)

 і заходнюю Беларусь. Асноўнымі заняткамі свідэрскіх плямён былі паляванне,

 рыбалоўства і збіральніцтва. У пошуках багатых дзічынай угоддзяў

 яны перыядычна пакідалі абжытыя мясціны. Палявалі пераважна пры

 дапамозе лука і стрэл з крамянёвымі наканечнікамі. 3 крэменю выраблялі і

 прылады працы: разцы, скрэблы, нажы, сякеры і інш., а з рагоў і касцей —    

 цёслы, гарпуны і рыбалоўныя кручкі. 3 дапамогай гэтых прылад людзі

 апрацоўвалі шкуры жывёл, шылі скураное адзенне. У час мезаліту плямёны

 рабілі свае стаянкі каля вады, на пясчаных пагорках. Звычайна будавалі некалькі 

 жытлаў (з жэрдак, галля, шкур), у якіх пражывала адна мацярынская радавая абшчына.

 На Кобрыншчыне знойдзена пакуль адзіная такая стаянка

 (за 5 км на паўночны ўсход ад Дзівіна, каля возера Любань).

Знаходкі археалагічнай экспедыцыі М. М. Крывальцэвіча ў заходнім Палессі (2000 — 2001).

Уверсе (1-6) — крамянёвыя вырабы першабытных людзей, знойдзеныя каля в. Дзівін; у сярэдзіне — крамянёвыя сякераклін

(злева) і шліфаваная сякера, знойдзеныя каля в. Дзівін ва ўрочышчы Калода; унізе — каменныя матыка (злева) і сякера,

знойдзеныя каля в. Ліпава.

У канцы 5-га тысячагоддзя да н.э. на Палессі пачаўся новы каменны век (неаліт). Рыбалоўства набывае

першараднае значэнне, апярэджваючы паляванне. З'яўляецца гліняны посуд, паляпшаецца апрацоўка каменю,

косці і рогу, пашыраюцца віды прылад, павялічваецца і колькасць паселішчаў, а таксама жытлаў у іх.

У 4–3-м тысячагоддзях да н.э. Кобрыншчыну насялялі плямёны нёманскай культуры. Яе адметная асаблівасць —

вастрадонны гліняны посуд з арнаментам, што наносіўся гарызантальнымі пасамі, часта з дапамогай грэбеня.

Трапляюцца і першыя, зробленыя з крэменю сярпы, што сведчыла аб пачатку земляробства, а, відаць, і жывёлагадоўлі.

Сустракаюцца ў гэтых слаях і вырабы іншых суседніх культур, напрыклад, прывіслінскіх плямён з захаду,

што рухаліся на Палессе. Неалітычныя старажытнасці на тэрыторыі Кобрынскага раёна выяўлены ў некалькіх месцах:

крамянёвыя наканечнікі стрэл і іншыя прылады знойдзены ў згаданай стаянцы каля Дзівіна ў пясчаных кар'ерах каля

в. Хабовічы. У Варшаўскім археалагічным музеі захоўваецца касцяны наканечнік стралы, знойдзены ў тарфяніку каля

в. Літвінкі. Неалітычнае паселішча складалася з некалькіх жытлаўхацін, у якіх магло жыць да дзесяці чалавек.

Часцей іх будавалі проста на зямлі, але сустракаюцца і паглыбленыя (зямлянкі), а таксама на палях.

Пасярэдзіне размяшчалася невялікае агнішча, абкладзенае камянямі.

У пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. амаль усю тэрыторыю Беларусі займаюць шматлікія прышлыя плямёны блізкіх

археалагічных культур. Гэта быў час культуры шнуравой керамікі (гліняны посуд арнаментаваўся адбіткамі шнура).

«Шнуравікі» выказвалі і сваю ваяўнічасць: даволі частыя знаходкі шліфаваных сякер з прасвідраванымі адтулінамі.

Таму іх яшчэ называюць плямёнамі баявых сякер. Неўзабаве сталі выкарыстоўвацца і прылады з бронзы.

«Шнуравікі» прынеслі на мясцовыя землі бронзавую эпоху. У 1-й палове 2-га тысячагоддзя да н.э. вядучымі

формамі гаспадаркі становяцца земляробства і жывёлагадоўля.

На тэрыторыі Кобрыншчыны, як і ўсёй паўднёва-заходняй Беларусі, вылучана палеская група шнуравой керамікі.

Тагачасныя жыхары сяліліся па пясчаных узвышшах і надпоплаўных тэрасах. Іх жытлы звычайна паглыбляліся

ў зямлю (катлаван 2,5x5 м) і абкружаліся сценкамі са слупоў. Нябожчыкаў хавалі ў грунтавых ці падкурганных

пахаваннях у скурчаным становішчы. У магілу клалі вырабы з керамікі, баявыя сякеры з каменю і бронзы.

Часцей за ўсё трапляюцца каменныя шліфаваныя сякеры (асабліва ў паўднёвай частцы раёна).

У школьным музеі ў Навасёлках, які стварыў мясцовы настаўнік гісторыі А.Дронец, выстаўлена больш за 40 такіх прадметаў.

У сярэдзіне 2-га тысячагоддзя да н.э. ва ўсходняй Полыпчы, паўночнай Украіне і паўднёвай Беларусі

сфарміравалася т.зв. тшцінецкая археалагічная культура (назва ад польскага паселішча Тшцінец).

Яе прадстаўнікі ўжо моцна былі звязаны з земляробствам. Іх прылады па-ранейшаму вырабляліся з каменю

(крэмень), аднак пашырыўся асартымент і бронзавых вырабаў: кінжалы, бранзалеты, шпількі, пярсцёнкі.

У арнаментацыі глінянага посуду зніклі адбіткі шнура, пераважала аздабленне ў выглядзе паралельных рысак,

што апяразвалі гаршкі ў верхняй частцы. Дарэчы, многія даследчыкі лічаць прадстаўнікоў тшцінецкай

культуры продкамі славян.

Слядоў пражывання людзей у бронзавым веку на Кобрыншчыне знойдзена даволі шмат: на левабярэжжы

р. Мухавец, непадалёк ад в. Турная, чакаюць сваіх даследчыкаў паселішчы эпохі бронзы каля вёсак Акцябр,

Аніскавічы, Варатынічы, Кустовічы, Ліпава, Малы Рудзец, Мяфёдавічы, Прылукі, Худлін і інш.

Тыповыя вырабы бронзавага веку (каменны малаток, крамянёвы серп і баявыя сякеры) выяўлены на беразе

р. Кобрынка на захад ад в. Кісялёўцы. Каля в. Гарадзец у тарфяніку знойдзены апрача баявых сякер рэшткі дубовага чоўна.

На жаль, час, які прыпадае на апошняе тысячагоддзе да н.э., у заходнім Палессі практычна не вывучаўся.

Эпоха жалеза на Палессі пачалася ў VII ст. да н.э. Сыравіна — балотная руда — была побач.

Жалеза выраблялася ў невялікіх печах-домніцах, у якія загружалася руда і драўняны вугаль.

Скуранымі мяхамі праз сапло раздзьмухвалі агонь, даводзілі тэмпературу ў такой печы да 700–1200 °С,

дастатковую для выплаўкі порыстай жалезнай масы — крыцы.

Пачатак жалезнага веку ў заходнім Палессі звязваюць з усходнепаморскай археалагічнай культурай.

Аднак этнічная прыналежнасць плямён застаецца няяснай. Адны даследчыкі лічаць іх славянамі, іншыя — германцамі ці балтамі.

Таму не вырашана і пытанне, якія плямёны насялялі Кобрыншчыну пасля II ст. н.э., калі ўсходнепаморская культура спыніла

сваё існаванне. Праз гэту тэрыторыю тады перамяшчалася мноства плямён, у т.л. готы, гепіды і інш.

Комплекс іх старажытнасцей (II–IV ст. н.э.) атрымаў назву вельбарскай археалагічнай культуры.

Яна знікае ў IV ст. н.э. Хутчэй за ўсё яе плямёны былі асіміляваны мясцовым насельніцтвам.

Выраб з жалеза трывалых прылад даваў магчымасць старажытнаму чалавеку смялей наступаць на лясы,

заваёўваючы новыя плошчы для пасеваў. У выніку гаспадарчай дзейнасці пачаўся працэс распаду першабытных

адносін і з'яўлення вялікіх патрыярхальных сямей.

Першыя сталыя паселішчы славян узнікаюць у заходнім Палессі ў VI–VII ст. Нельга ўпэўнена сказаць,

з якімі мясцовымі плямёнамі ім давялося сустрэцца. Можа, гэта былі патомкі кельтаў, готаў ці яцвягаў —

спрэчкі аб гэтым яшчэ працягваюцца. Напрыклад, у заходнееўрапейскіх пісьмовых крыніцах племя яцвягаў

(судова, судзіны) упамінаецца ўжо ў II ст. н.э. як народ, што жыў недзе на ўсход ад Віслы.

Дарэчы, у мясцовай тапаніміі нярэдка сустракаюцца назвы тыпова неславянскага паходжання.

Пакуль што археолагамі знойдзена ўсяго некалькі каменных курганоў у басейне р. Лясная, якія сведчаць аб

прысутнасці тут у даўнія часы яцвягаў.

З'яўленне славян у заходнім Палессі звязваецца з рассяленнем плямён дулебаў. Паводле летапісу,

у пачатку VII ст. яны «...живяху по Бугу, где ныне велыняне...». Адсюль, прасоўваючыся па Мухаўцы,

дулебы дасягнулі Кобрыншчыны. Прынамсі, старажытнасці VI–IX ст. выяўлены каля в. Басяч і на Кобрынскім замчышчы.

Але канчатковых вывадаў па пытаннях аб племянной прыналежнасці насельніцтва Брэсцкага Пабужжа і

Кобрыншчыны пакуль няма. На падобныя пытанні адказ могуць даць далейшыя археалагічныя даследаванні.

Праведзеныя раскопкі паказалі, што ў той час разам з грунтавымі сустракаюцца пахаванні спаленых астанкаў пад курганамі.

Як і раней, у іх мала металічных рэчаў. Толькі ў некаторых трапляюцца кольцы з бронзавага дроту, жалезныя нажы і інш.

Плошча славянскага жытла дасягнула 30 м2. Печы з гліны і каменю размяшчаліся часцей

у правым далейшым ад увахода куце. Нярэдка каля жытла будаваліся клеці для захоўвання збожжа.

Сустракаюцца і іншыя гаспадарчыя будынкі, нават рамесныя майстэрні. 3 IX ст. на Палессі пашырыўся ганчарны круг.

Яшчэ сярод стараславянскіх помнікаў VIII–IX ст. трапляюцца культавыя збудаванні — капішчы з выявамі язычніцкіх ідалаў,

слядамі рытуальных агнішчаў і камянямі-ахвярнікамі.

У X ст. з прыняццем хрысціянства ў палескіх славян адбываецца паступовы пераход ад абраду трупаспалення

да трупапалажэння пад курганамі. На Кобрыншчыне захавалася толькі 5 могільнікаў, у якіх налічваецца больш

за 20 курганоў. Гэта невялікія круглыя насыпы вышынёй ад 0,4 да 1,5 м, дыяметрам 4–15 м. Самы вялікі могільнік

знаходзіцца каля в. Засімы. 12 курганоў размешчаны ў лесе, на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Малодча.

Яны выцягнуты ланцужком уздоўж правага берага р. Дахлаўка. Мясцовыя жыхары называюць іх «шведскімі магіламі».

Падобна, як і жыхары в. Кісялёўцы называюць «французскімі магіламі» курганы ва ўрочышчы Ямішча.

Аднак археалагічныя раскопкі не пацвердзілі гэтыя народныя легенды. У курганных могільніках пахаваны

славяне X–XIII ст., продкі сучасных жыхароў.

На жаль, большасць курганоў не захавалася. Яны паступова разбураліся прыродай і асабліва гаспадарчай

дзейнасцю чалавека. Менавіта ў апошнія дзесяцігоддзі зніклі могільнікі каля вёсак Басяч, Грушава, Мацы.

Адзінкавыя пахаванні засталіся яшчэ каля вёсак Залессе і Ілаўск.

У пахаваннях славянскіх воінаў акрамя сякер трапляюцца нажы, наканечнікі коп'яў і стрэл, паясныя спражкі, мячы.

У мужчынскіх пахаваннях знаходзяць крэсівы, тачыльныя брускі, бронзавыя і жалезныя гузікі, рэшткі драўляных вёдзер,

у якія клалі ахвярную ежу.

Больш разнастайны інвентар жаночых пахаванняў: шкляныя, каменныя і металічныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнкі,

бранзалеты, упрыгожанні з серабра. Як правіла, у кожным кургане пахаваны адзін нябожчык. Часам трапляецца па

2–3 і болей шкілетаў. Сустракаюцца і курганы без пахаванняў — кенатафы, якія насыпаліся пасля трызны па сваяку,

што прапаў без вестак ці загінуў на чужыне.

Паселішчы славян X–XIII ст. на Палессі па-ранейшаму размяшчаліся на ўзвышшах каля рэк, азёр і сярод балот.

Адбываецца паступовы пераход ад паўзямлянак да наземных зрубных дамоў. Побач знаходзіліся гаспадарчыя

пабудовы розных канструкцый. Яны і складалі паселішча, звычайна невялікае, усяго да дзесятка сядзіб.

Праўда, сустракаюцца і вельмі буйныя: 80–100 сядзіб.

У X–XIII ст. на месцы старажытных паселішчаў узнікаюць першыя гарады — Бярэсце і Пінск (XI ст.),

Камянец і Кобрын (XIII ст.), хоць гэта датаванне паводле першага пісьмовага ўпамінання.

Безумоўна, яны з'явіліся значна раней. Дзякуючы археолагам, якія правялі шурфаванні непадалёку

ад моста цераз Мухавец, у ніжніх пластах былі знойдзены абломкі керамічнага посуду, вырабленага да сярэдзіны XI ст.

Гэта азначае, што ўзнікненне Кобрына трэба шукаць у больш глыбінных вяках.

Новыя звесткі аб старажытнай Кобрыншчыне прынясуць наступныя археалагічныя раскопкі.

                                                                                     А. В. Iоў

 

Наши партнеры

КОНТАКТЫ

Городские телефоны: +375(1642)2 23 31, +375(1642)3 53 71

Мобильные телефоны: +375(29) 726 05 21 

Адрес: г. Кобрин, ул. Дзержинского, 78 

E-mail: atlant_kobrin@tut.by